ЧАСО́ВЫ ЎРА́Д у Расіі,
цэнтральны орган дзярж. улады пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Сфарміраваны Часовым камітэтам Дзяржаўнай думы 1917 са згоды выканкома Петраградскага савета, з якім да ліпеньскага крызісу 1917 падзяляў уладу (гл. Двоеўладдзе). Вышэйшы выканаўча-распарадчы орган; выконваў таксама і заканад. функцыі. Змяніліся 4 склады Ч.ў.: 1-ы (2 акцябрысты, 8 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкалі да іх, 1 трудавік, пазней эсэр; старшыня — Г.Я.Львоў) — да 6(19).5.1917 (гл. Красавіцкі крызіс 1917); 2-і (1 акцябрыст, 8 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкаў да іх, 3 эсэры, 2 меншавікі; старшыня — Львоў) — да 24.7(6.8).1917; 3-і (7 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкаў да іх, 5 эсэраў і народных сацыялістаў, 3 меншавікі; старшыня — А.Ф.Керанскі) — да 1(14).9.1917, калі ў сувязі з Карнілава мяцяжом 1917 перадаў уладу Дырэкторыі з 5 міністраў на чале з Керанскім; 4-ы (6 канстытуцыйных дэмакратаў і тых, хто прымыкаў да іх, 2 эсэры, 4 меншавікі, 6 беспарт., старшыня — Керанскі) — з 25.9(8.10).1917. Мясц. органамі ўлады Ч.ў. былі ўстановы яго губ. і пав. камісараў (у Віцебскай губ. А.Валковіч, у Магілёўскай — Судзілоўскі, потым Н.Друцкі-Сакалінскі, у Мінскай — Б.М.Самойленка, на Зах. фронце — В.А.Жданаў). У сваёй праграмнай дэкларацыі ад 3(16).3.1917 і звароце да грамадзян Расіі 6(19).3.1917 Ч.ў. абвясціў прынцып «пераемнасці ўлады» і «бесперапыннасці права», аб імкненні ўдзельнічаць у 1-й сусв. вайне «да пераможнага канца» і выканаць усе дагаворы і пагадненні з саюзнымі дзяржавамі. Скасаваў катаргу і паліт. ссылку, абвясціў паліт. амністыю, замяніў паліцыю нар. міліцыяй. Прыняў закон аб свабодзе сходаў і саюзаў, выдаў указы аб перадачы дзяржаве зямель імператарскай сям’і, аб рабочых к-тах, увёў манаполію хлебнага гандлю. 1(14).9.1917 абвясціў Рас. рэспубліку, 14(27).9.1917 склікаў Дэмакр. нараду, якая стварыла Прадпарламент. Абяцаў склікаць Устаноўчы сход. Скінуты 25.10(7.11).1917 у ходзе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Катков Г.М. Февральская революция: Пер. с англ. М., 1997.
т. 17, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)